Герб горада Вілейка

Неафіцыйны інфармацыйны сайт Вілейкі

Вілейка-Info

 

 

 

На тэрыторыі Вілейскага раёна знаходзіцца больш за 320 гістарычных, архітэктурных, археалагічных і геалагічных помнікаў, 26 з іх занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Наяўнасць унікальных прыродных і тэхналагічных аб'ектаў, пастаяннае павелічэнне колькасці месцаў для культурнага і актыўнага адпачынку робіць Вілейскі раён прывабным для турыстаў.

На гэтай старонцы пералічаны некаторыя найбольш цікавыя месцы Вілейкі і Вілейскага раёна, якія можна раіць гасцям горада для наведвання.

 

1. Вілейскае вадасховішча і рака Вілія.

 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Вілейскае вадасховішча - адзін з "рукатворных помнікаў прыроды", які прыцягвае да сябе энтузіястаў рыбнай лоўлі і аматараў актыўнага адпачынку не толькі з усёй рэспублікі, але і з іншых краін.

Вілейскае вадасховішча з'яўляецца самым буйным штучным вадаёмам Беларусі, саступаючы па велічыні толькі найбуйнейшаму натуральнаму вадаёму - возера Нарач. Плошча вадасховішча - 64,6 кв. км; даўжыня - 27 км; шырыня - 3 км; глыбіня - да 13 м; сярэдняя глыбіня - 3,7 м; аб'ём вады (сярэдні) - 238 млн. куб. м; вадазбор - 4120 кв. км; агульная мінералізацыя вады - 280-320 мг/л.

Будаўніцтва Вілейскага вадасховішча было распачата ў 1968 годзе. Падставай для пачатку будаўніцтва была неабходнасць павелічэння аб'ёму водазабеспячэння сталіцы рэспублікі Мінска, для чаго патрабавалася перакінуць частку сцёку больш паўнаводных рэк Беларусі ў раку Свіслач. Сярод іншых варыянтаў збудаванне Вілейска-Мінскай воднай сістэмы аказалася найбольш выгадным па эканамічных і іншых (напрыклад, якасць вады) параметрах. Адначасова з будаўніцтвам Вілейскага вадасховішча будаваўся водны канал, па якім зараз воды Віліі перакідваюцца ў Свіслач, паднімаючыся пры гэтым на ўзровень больш за 70 метраў (!) з дапамогай некалькіх гідрапомпавых станцый. Перакрыцце ракі Віліі было ажыццёўлена ў 1973 годзе, а ў пачатку 1975 воды Вілейскага вадасховішча накіраваліся па канале да сталіцы. Штогадовы скід вады складае ў сярэднім 575 млн. тон.

Вілейскае вадасховішча з'яўляецца месцам заняткаў водна-лыжным, водна-маторным, вяслярным і ветразным спортам, а таксама вельмі папулярна для летняй і зімовай рыбалкі. У вадасховішчы водзяцца шчупак, акунь, судак, лешч, карась, ёрш, плотка і іншыя віды рыб. У летні час верхнія пласты вады награюцца да 18-22°С, на плыткаводдзе - да 24°С. Вадасховішча замярзае ў пачатку снежня, ускрываецца ў красавіку, таўшчыня лёду - да 70 см. Максімальны ўзровень вады - у перыяд вясновай паводкі (красавік-чэрвень), мінімальны - у лютым-сакавіку.

У 2010 годзе Вілейскае вадасховішча заняло пятае месца ў рэйтынгу "ТОП-10 лепшых месцаў для адпачынку ў Беларусі".

На сайце Вілейка-Info ёсць карты Вілейскага вадасховішча.

Рака Вілія - самы вялікі прыток Нёмана, працякае па тэрыторыі Беларусі і Літвы, у Літве носіць назву Нярыс. Даўжыня ракі - 510 км. На ёй размешчаны беларускія гарады Вілейка, Смаргонь, літоўскія Вільня, Каўнас і іншыя.

Дзякуючы вялікай працягласці, дастатковай глыбіні, багаццю відаў рыбы, маляўнічым лясістым берагам Вілія з'яўляецца адной з самых наведвальных рэк у Беларусі. Яна прывабная і для ціхага адпачынку на беразе, і для сплава на байдарках, і для аматараў рыбалкі.

 

2. Архітэктурныя і гістарычныя помнікі.

У Вілейцы захавалася некалькі архітэктурных помнікаў канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў. Два найбольш вядомыя з іх знаходзяцца на Цэнтральнай плошчы ўсяго ў некалькіх дзясятках метраў адзін ад аднаго. Гэта - Крыжаўзвіжанскі касцёл і царква Прападобнай Марыі Егіпецкай. Крыжаўзвіжанскі касцёл быў пабудаваны ў перыяд з 1906 па 1913 гады па праекце архітэктара Аўгуста Клейна. Касцёл стылізаваны пад старажытныя храмы гатычнага тыпу. Рэстаўраваны ў 1988-89 гг. Дата будаўніцтва царквы Прападобнай Марыі Егіпецкай - 1865 год, будынак таксама стылізаваны пад старажытнарускае дойлідства. Абодва архітэктурныя збудаванні суседнічаюць з будынкамі пазнейшай забудовы (сярэдзіна XX стагоддзя).

 

Сучасная архітэктура горада, асабліва будынкі рэлігійнага прызначэння, таксама заслугоўваюць увагі.

 

Сярод іншых архітэктурных помнікаў пачатку і сярэдзіны XX стагоддзя варта згадаць будынак чыгуначнага вакзала і размешчаную побач з ім старую воданапорную вежу; жылы дом па вул. Чырвонаармейскай, 28 і будынак стаматалагічнай паліклінікі, які знаходзіцца па суседстве; шэраг будынкаў па вул. Савецкай; асобныя будынкі па вул. Партызанскай, 1 Мая, Вадап'янава.

 

Да гістарычных і мемарыяльных помнікаў, размешчаных у межах Вілейкі ці зусім побач з ёй, адносяцца: могілкі польскіх салдат 1920-1930-х гадоў і размешчаны на ім мемарыяльны помнік; габрэйскія могілкі; могілкі рускіх салдат 1-й сусветнай вайны; мемарыяльны камень Ю.Пілсудскаму; мемарыяльны камень загінуўшым у вілейскай турме.

Асобную ўвагу варта звярнуць на нядаўна адкрыты мемарыяльны комплекс "Памяці зніклых вёсак". Ён размешчаны каля паўночнай мяжы горада і складаецца з імянных валуноў, прысвечаных 13 сельскім саветам Вілейскага раёна і самому гораду Вілейцы. На кожным валуне ёсць таблічка са спісам населеных пунктаў, якія па шэрагу прычын сышлі ў гісторыю. А іх нямала: усяго ў Вілейскім раёне за апошнія паўстагоддзя з карты зніклі 253 населеныя пункты. Прычыны розныя: гэта і трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, і будаўніцтва Вілейскага вадасховішча, і аб'яднанне часткі пасёлкаў, і скарачэнне сельскага насельніцтва. Адзін з камянёў зроблены ў выглядзе звона і сімвалізуе вёскі, якія напаткаў лёс Хатыні - іх у раёне пяць. У цэнтры размешчаны 25-тонны валун з заклікам спыніцца і падумаць аб сваіх каранях і месцах, дзе нарадзіўся.

 

У Вілейцы знаходзіцца даволі шмат розных скульптурных кампазіцый і помнікаў. Натуральна, сярод іх ёсць і непазбежны помнік Леніну, размешчаны на Цэнтральнай плошчы горада, а таксама іншыя манументальныя творы кшталту помніка воінам-вызваліцелям на плошчы Свабоды, помніка Азі Асланаву на вул. Савецкай або машыне для дастаўкі газавых балонаў каля будынка "Райгазу". Але ёсць і скульптуры іншага характару. Побач з паркам размешчана скульптура "Вільяна" працы Уладзіміра Слабодчыкава. Гэты помнік устаноўлены ў гонар 150-годдзя воднай экспедыцыі Канстанціна Тышкевіча, якая праходзіла па рацэ Вілія. Раку сімвалізуе Вільяна - персанаж мясцовай легенды, чые слёзы далі калісьці пачатак гэтай рацэ.

У пачатку XXI стагоддзя у горадзе з'явіліся вясёлыя і яркія скульптурныя кампазіцыі працы Валерыя Апарыка. Большасць з гэтых кампазіцый уяўляюць сабой сюжэты па матывах народных казак. Гэта кампазіцыі "Рэпка", "Сава і дзяцел" у гарадскім парку, "Лясавік" на Вільяніным хутары. Трохі іншага плана скульптура "Дворнік" таго ж аўтара, размешчаная ля будынка ЖКГ.

Да іншых аб'ектаў гарадской скульптуры можна аднесці помнік падкове і сонечны гадзіннік, усталяваны на тэрыторыі Вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа, а таксама "Дрэва дружбы" на цэнтральнай плошчы.

 

Вілейскі раён таксама багаты на цікавыя гістарычныя і архітэктурныя помнікі. Паколькі іх даволі шмат, на гэтай старонцы можна згадаць толькі некаторыя найболей цікавыя:
- касцёл Наведвання Панны Марыі ў в. Альковічы (канец XIX - пачатак XX стагоддзя),
- касцёл Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі ў в. Касцяневічы (1763 год),
- камень "Варацішын крыж" у в. Камена (валун 3,7х3,5х2,1 м з выбітай выявай крыжа, XII стагоддзе),
- Свята-ўспенская царква (1868 год) і руіны сядзібы Агінскіх (XVIII стагоддзе) у в. Ручыцы,
- рэшткі сядзібы Багдановічаў у в. Стайкі (XVIII-XIX стагоддзе),
- Пакроўская царква (XIX стагоддзе) і касцёл Нараджэння Дзевы Марыі (1908 год) у в. Вязынь,
- касцёл св. Станіслава (1853 год), Траецкая царква (1870 год) і сінагога (пачатак XX стагоддзя) у в. Даўгінава,
- касцёл Сэрца Езуса ў в. Ілля (1907-1909 гады),
- царква св. Пятра і Паўла ў в. Касута (1868 год),
- царква Раства Багародзіцы ў в. Куранец (да 1880 года),
- царква св. Мікалая ў в. Латыгаль (1771 год),
- сядзіба "Чурлёны" з паравым млынам у в. Лыцэвічы (XIX стагоддзе),
- царква Раства Багародзіцы ў в. Мільча (XIX стагоддзе),
- рэшткі сядзібы Багдановічаў у в. Абадоўцы (XIX стагоддзе),
- Успенская царква ў в. Рабунь (1862 год),
- сядзіба Багдановічаў у в. Старынкі (пачатак XX стагоддзя),
- капліца св. Барыса і Глеба ў в. Заброддзе (2006 год).

На сайце Вілейка-Info ёсць таксама турыстычная карта з указаннем размяшчэння славутасцяў Вілейкі і Вілейскага раёна (спампоўка па кліку, 6,5 МБ)

 

3. Вузел сувязі №43 ВМФ Расіі (радыёстанцыя "Антэй")

Усяго ў некалькіх кіламетрах ад Вілейкі размешчаны 43-ці вузел сувязі ВМФ Расіі (радыёстанцыя "Антэй"), які забяспечвае сувязь на звышдоўгіх хвалях з атамнымі падводнымі лодкамі, якія нясуць баявое дзяжурства ў раёнах Атлантычнага, Індыйскага і часткова Ціхага акіянаў. Акрамя гэтага, вузел сувязі праводзіць радыётэхнічную разведку і радыёэлектронную барацьбу і працуе ў інтарэсах іншых відаў Узброеных Сіл і родаў войскаў, перадаючы ў эфір сігналы эталоннага часу. Станцыя ўведзена ў строй 22 студзеня 1964 года.

Вядома, радыёстанцыя "Антэй" не з'яўляецца турыстычным аб'ектам, але пры гэтым яна па праве застаецца адной з "візітных картак" Вілейкі. Бо аб'ектаў такога маштабу ва ўсім былым Савецкім Саюзе можна было пералічыць на пальцах, а цяпер дзеючых засталося яшчэ менш. Ды і няпроста захоўваць сакрэтнасць вузла сувязі, 300-метровыя антэны якога добра бачныя здалёку.

Паспрабуйце ацаніць маштабы "Антэя". Агульная плошча аб'екта складае 650 га. Непасрэдна вузел сувязі складаецца з 15 рашэцістых апорных мачтаў вышынёй 270 м і 3 круглых мачтаў вышынёй 305 м. Мачты падтрымліваюць антэннае палатно парасонавага тыпу, якое складаецца з нацягнутых трасаў масай 900 т. Плошча антэны складае 400 га. Усе шчоглы заземлены, агульная даўжыня пракладзенага ў зямлі контуру зазямлення складае больш за 300 км.

Станцыя з'яўляецца рэтрансліруючым ўзмацняльнікам сігналу і абсталявана перадатчыкам магутнасцю 1 МВт. Для параўнання: пабудаваная ў 2006 годзе Вілейская міні-ЦЭЦ (самая магутная з міні-ЦЭЦ у рэспубліцы на момант будаўніцтва) выпрацоўвае 2,4 МВт электраэнергіі. Гэтага прыкладна хапае на асвятленне ўсяго горада.

Пры ўсёй грандыёзнасці збудаванні яно не статычнае. Пры дапамозе лябёдак усё антэннае палатно можа апускацца на зямлю і паднімацца зваротна амаль на 3 сотні метраў. Круглыя цэнтральныя шчоглы таксама з'яўляюцца перадавальнымі антэнамі звышдоўгіх хваль. Яны стаяць на парцалянавых ізалятарах, для замены якіх шчоглу прыўздымаюць на некалькі сантыметраў над зямлёй пры дапамозе дамкратаў. А вага адной такой мачты складае 300 тон.

Пад кожнай мачтай знаходзіцца антэнны павільён з комплексам абсталявання, які забяспечвае працу радыёстанцыі. Памяшканні СДВ-радыёстанцыі размяшчаюцца ў фартыфікацыйным збудаванні і заглыблены пад зямлю. Яны з'яўляюцца аўтаномнымі і абсталяваны ўсімі неабходнымі сістэмамі жыццезабеспячэння. У гэтых бункерах знаходзяцца радыёперадавальнік і атамныя гадзіны дакладнага часу. Іх дакладнасць працы ўражвае: хібнасць у адну секунду можа набегчы прыкладна за 300 тысяч гадоў.

 

4. Выставы, музеі, кірмашы.

У горадзе ёсць гісторыка-краязнаўчы музей і выставачная зала.

Вілейскі краязнаўчы музей захоўвае больш за 27 тысяч экспанатаў, сярод якіх матэрыялы археалагічных раскопак, манетны скарб XVII стагоддзя, царкоўныя летапісы канца XIX стагоддзя, дакументы і фотаздымкі па гісторыі горада і раёна, сведчанні партызанскага руху і патрыятычнага падполля ў гады Вялікай Айчыннай вайны і інш.

Таксама Вілейскі музей праводзіць экскурсіі па горадзе і па турыстычных маршрутах Вілейшчыны, арганізуе суправаджэнне свят па старажытных традыцыях і абрадах, рэалізуе сувенірную прадукцыю.

Музей размешчаны па адрасе пл. Свабоды, 1. Час працы – з 9.00 да 17.00 акрамя панядзелка і апошняй пятніцы месяца. Тэл.: (01771) 56405. Сайт музея: http://vilmuseum.by

Выставачная зала, таксама размешчаная на пл. Свабоды, з'яўляецца месцам правядзення самых розных выставак і выставак-продажаў. Тут выстаўляюцца мастацкія работы майстроў пэндзля Вілейскай зямлі, творы народных рамёстваў, рэгулярна праводзяцца тэматычныя выставы і культурна-мастацкія мерапрыемствы, ажыццяўляюцца часовыя экспазіцыі разнастайных цікавых экспанатаў. Час працы залы - з 9.00 да 17.00 акрамя панядзелка. Тэл.: (01771) 54147.

Розныя выставы і кірмашы таксама час ад часу праводзяцца ў гарадскім доме культуры, размешчаным па адрасе вул. Вадап'янава, 21, тэл.: (01771) 54372, або на Цэнтральнай плошчы горада. У час правядзення кірмашоў у Вілейку са сваімі работамі часта прыязджаюць майстры народных рамёстваў з іншых рэгіёнаў Беларусі.

У Вілейскім раёне ёсць Мемарыяльна-этнаграфічны комплекс Заброддзе. Гэта адзінае ў сваім родзе месца ў краіне, дзе на плошчы 4 гектары пад адкрытым небам сканцэнтраваны чатыры ўнікальныя для Беларусі музеі.

У комплексе штодня адкрыты і працуюць:
- першы ў Беларусі музей гісторыі Першай сусветнай вайны, які захоўвае больш за 2000 экспанатаў: абмундзіраванне і зброю, супрацьгаз, дакументы і фатаграфіі, прадметы побыту салдат і асабістыя рэчы ў памяць аб блізкіх;
- музей рэтра-аўтамабіляў, дзе сабраны рарытэты 30-90-ых гадоў ХХ стагоддзя: ЗІС-5, ГАЗ-67, ГАЗ М1, Willys, Opel Kadett, Opel Blitz, калекцыя матацыклаў і веласіпедаў;
- музей побыту стогадовай даўнасці (старадаўняя мэбля, ручнікі, адзенне, хатняе начынне, музычныя інструменты, фота);
- кузня і лазня, якой ужо два стагоддзі;
- музей СССР з кіна-верандай;
- творчыя майстэрні мастака і рэжысёра лялечнага тэатра.

Тамсама на беразе ракі можна паглядзець пабудаваную ў стылі XVI-XVII стст. драўляную Барысаглебскую капліцу ў памяць аб усіх загінуўшых у ваенных дзеяннях. Таксама сярод самых ушанаваных месцаў Заброддзя і наваколля: лазарэтныя могілкі часоў Першай сусветнай і 6-метровы крыж на пахаванні каля ваеннага лагера, памятная капліца ў гонар 80-годдзя заканчэння вайны, стэла і камень на месцы гібелі казака Данііла Шаўчэнкі.

Для турыстаў у комплексе "Заброддзе" адкрыты аўтэнтычныя сялянскія домікі і ўладкованыя намётавыя мястэчкі, працуюць летняе кафэ і сувенірная крама, прапануюцца экскурсіі і забаўляльныя праграмы. Музеі адчыненыя штодня з 10.00 да 19.00 без выходных. Тэл.: +375 29 333-84-46, +375 29 651-74-44. Сайт комплексу: http://www.zabrodje.com

 

5. Забавы і адпачынак.

Госці Вілейкі могуць размясціцца на начлег у абноўленай гасцініцы "Вілія", размешчанай па адрасе вул. Партызанская, 36. Пра наяўнасць свабодных месцаў і кошт нумароў можна даведацца па тэлефоне (01771) 55367. Акрамя таго, на тэрыторыі раёна ёсць некалькі сядзіб, катэджаў і кемпінгаў, дзе таксама можна знайсці і замовіць месца для начлегу.

Для знатакоў культурных мерапрыемстваў рэкамендуецца наведванне гарадскога Дома культуры, размешчанага на вул. Вадап'янава, 21. У яго залах перыядычна праводзяцца канцэртныя выступленні гарадскіх выканаўцаў і мастацкіх калектываў, гастролі беларускіх і замежных артыстаў рознага жанру, святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да буйных дзяржаўных і іншых свят.

Аматары кінамастацтва могуць наведаць кінатэатр "Мір", размешчаны па вул. Кастрычніцкай побач з Цэнтральнай плошчай і вілейскім касцёлам.

Месцам для абеду ці вячэры можа паслужыць адно з гарадскіх кафэ, засяроджаных, у асноўным, у цэнтральнай частцы горада. Для пошуку кафэ і бараў карыстайцеся інтэрактыўнай картай горада, размешчанай на старонцы Карты города.

Для спакойнага адпачынку ў межах горада можна выбраць Цэнтральную плошчу са мноствам лаваў і прыгожым фантанам, невялікі гарадскі парк, які спускаецца да самага берага Віліі, а таксама абсталяваныя месцы адпачынку "Вільянін хутар" і "Дубоўка". "Вільянін хутар" размешчаны на паўвостраве невялікага возера побач з мостам праз Вілію на выездзе з горада ў бок Маладзечна. Месца адпачынку "Дубаўка" ўяўляе сабой абсталяваны драўлянымі альтанкамі ўчастак у лесе каля выезду з горада ў бок в. Ручавыя і в. Асіповічы.

Асноўныя культурна-масавыя мерапрыемствы з нагоды буйных свят праводзяцца на Цэнтральнай плошчы горада, на плошчы Свабоды, на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы каля в. Дубоўка.

 

Вілейка-Info :: Інфармацыйны сайт Вілейкі (vileykainfo.by)
© І.Рындзевіч (igrnd.by)